Acquis communautaire

Acquis communautaire (acquis), што азначае «здабытак супольнасці» — прававая сістэма Еўрапейскага Саюза, якая ўключае акты заканадаўства Еўрапейскага Саюза (але не абмяжоўваецца імі), прынятыя ў рамках Еўрапейскай супольнасці, Агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі і Супрацоўніцтва ў сферы юстыцыі і ўнутраных спраў.

Такая сістэма стваралася і развівалася на працягу амаль 50 гадоў і ўтрымлівае больш за 14 000 розных відаў прававых актаў і амаль 9000 рашэнняў Суда ЕС.

Гэта сукупнасць агульных правоў і абавязацельстваў, абавязковых да выканання ва ўсіх краінах-сябрах ЕС. Здабытак пастаянна змяняецца і абагульняецца. Ён уключае:

  • Змест, прынцыпы і палітычныя мэты пагадненняў;
  • Законы, прынятыя ў мэтах выканання пагадненняў, і рашэнні Суда ЕС;
  • Дэкларацыі і рэзалюцыі Саюза;
  • Меры ў галіне агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі;
  • Мерапрыемствы ў сферы правасуддзя і ўнутраных спраў;
  • Міжнародныя пагадненні, заключаныя Супольніцтвам, а таксама дзяржавамі-членамі паміж сабой у сферы дзейнасці Саюза.

Такім чынам, пад здабыткам Супольнасці разумеюцца не толькі законы Супольнасці ў вузкім сэнсе, але і ўсе акты, прынятыя ў рамках другога і трэцяга «сталпоў» Еўрапейскага Саюза і вызначаныя ў дагаворах агульныя мэты.

Перш чым уступіць у Еўрапейскі Саюз, краіны-заяўнікі павінны прыняць здабытак Супольнасці. Выключэнні магчымыя толькі пры асаблівых абставінах, і іх сфера абмежаваная. Саюз поўны рашучасці захоўваць здабытак Супольнасці ў яго цэласнасці і развіваць яго далей.

Права ЕС звернута перш за ўсё да дзяржаў-членаў ЕС. Яны павінны няўхільна прытрымлівацца прававых установак дырэктыў, рэгламентаў, рашэнняў і іншых актаў ЕС, паколькі ў момант ўступлення ў гэта аб’яднанне добраахвотна аддалі яму частку свайго суверэнітэту.

Адначасова многія дзяржавы Еўропы, якія сёння не з’яўляюцца членамі ЕС, выказалі сваё жаданне ў будучыні ўступіць у гэты Саюз. Адною з асноўных умоў прыняцця ў ЕС новых чальцоў ёсць адаптацыя іх унутранага заканадаўства да права ЕС. Пры гэтым пад адаптацыяй разумеюць сістэму аднабаковых мер, якія прымаюцца дзяржавамі, якія маюць намер уступіць у ЕС, з мэтай прывядзення сваіх заканадаўчых сістэм у адпаведнасць з абавязковым мінімумам заканадаўства ЕС. Такі абавязковы мінімум атрымаў назву acquis communautaire, што ў перакладзе з французскага азначае здабытак супольнасці. Гэты здабытак супольнасці быў распрацаваны ў сярэдзіне 90-х гадоў для 10 дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама Кіпра, з якімі ЕС на той час усталяваў адносіны асацыяцыі.

З краінамі, якія падпісалі еўрапейскія пагадненні, адбываецца так званая працэдура скрынінга заканадаўства, калі ўвесь аб'ём заканадаўства краін-кандыдатаў, які адносіцца да кампетэнцыі ЕС, паслядоўна правяраецца на адпаведнасць заканадаўству ЕС, на што вылучаецца адпаведная экспертная і фінансавая падтрымка. Такім чынам, за пяць-сем гадоў заканадаўства краіны-кандыдата цалкам прыводзіцца ў адпаведнасць з заканадаўствам ЕС, што зрабіла магчымым іх інтэграцыю ва ўнутраны рынак, і, нарэшце, ўступленне ў ЕС.


© MMXXIII Rich X Search. We shall prevail. All rights reserved. Rich X Search